Хто тут скажа…
Ціха гойдае човен на хвалях,
Цягне лёгкім парком ад вады,
А я зноўку бягу на спатканне,
Як у першы той раз, як тады,
Калі пахла паветра чаромхаю,
Той далёкай юнацкай парой,
Ды туманы плылі рушнікамі
Над шаўковай травой лугавой.
І твой шэпт:- Я вярнуўся, кахаю,
Ты прабач, што між намі гады,-
Апаліў маё сэрца пяшчотай,
Як у першы той раз, як тады.
Пах вясновы сцяліўся дурманам,
Ды глядзеў маладзік малады,
Як зліліся шалёныя вусны,
Як тады, як тады, як тады….
А калі адпусціла насланне,
Мы гулялі да ранняй зары…
Мо, і праўда, што гэта каханне.
Ці жаданне? Вазьмі-разбяры.
Ціха гойдае човен на хвалях,
Застывае люстэрка вады.
А я зноўку бягу на спатканне,
Як у першы той раз, як тады….