О, мой чароўны, любы край:
Блакіт азёр, лугоў прыволле,
Няспешны бег спакойных рэк,
Раўнін прасцяжнае раздолле.
Бярозак светлы карагод
На аксамітавых узлесках,
Чабор, суніцы, мятны пах
І лес вясенні ў пралесках.
Няма зямлі цябе радней,
Табе ў любові прызнаюся,
Куды б не кінуў лёс мяне,
Тваёй дачкою застаюся.