Я люблю цябе, Русь мая Белая,
Тваіх сціплых, руплівых людзей,
Што зазналі пакуты страшэнныя
У агні гістарычных падзей.
Кожны трэці згарэў у Вялікую,
А ў малых! Хто можа злічыць?
Колькі часу прайшло — не забылася,
Тваё сэрца і сёння баліць.
Я люблю твае вёсачкі малыя,
Палісаднікі кветак, сады
І лясы, што былі партызанскімі,
І палі, і твае гарады.
Кажуць людзі: цудоўнымі лічуцца
Прага, Вена, Сафія, Парыж,
Я ж сцярджаю, што нашы не горшыя-
Мінск і Полацк, і Пінск, і Нясвіж.
Буслы белыя, птушкі прыгожыя
Кожны год свету вестку нясуць,
Што ў цэнтры Еўропы ў зямлі маёй
Людзі шчырыя мірна жывуць.
Тут дзяды за Радзіму змагаліся,
Тут матуля і бацька жылі,
Тут мае карані, мая спадчына,
І няма мне мілейшай зямлі.