Апавяданні па беларускі

Сустрэча на балоце

- Ну чаму? Чаму я не паслухала Івана! Бедная мая дачушка, яна ж яшчэ і жыцця не бачыла,- ліхаманкава думала Паліна, пазіраючы на ваўка, якм выйшаў з хмызняку і ўсеўся на сцяжынцы метрах у дзесяці ад ад жанчыны і васьмігадовай Сашкі. У гэты дзень яны хадзілі ў суседнюю вёску Забалоцце наведаць старэнькую бабулю і назбіраць журавін і вось зараз вярталіся дадому. Напярэдадні муж сказаў, што ў ваколіцах бачылі ваўкоў, і папрасіў не вяртацца позна, а лепш пераначаваць, але ж дома было вельмі многа праў, і Паліна, спадзяючыся на «авось», не паслухала івана. А трэба было…

Жанчына спынілася і, прыціснуўшы да сябе Сашку, ціха прашаптала: «Стой і не рухайся, дачушка, гэта воўк. Калі ён стане падыходзіць да нас, ты захадзі мне за спіну і бяжы назад у вёску да бабулі, а я потым прыйду.

Стараючыся не прыцягваць увагу звера, Паліна дастала з кішэні востры нож, які на ўсякі выпадак узяла з сабой у дарогу.

- Калі воўк не галодны, ён можа нас не зачапіць,- з надзеяй разважала жанчына, гледзячы на звера,- галоўнае — не рухацца. А калі ён накіруецца ў наш бок, то Сашка павінна бегчы, а я паспрабую яго затрымаць. Ціхі адчай, які перад гэтым ахапіў Паліну, уступіў месца рашучасці пазмагацца за жыццё дачкі.

Пра паводзіны і звычкі ваўкоў жанчына чула ад мужа, які больш за дваццаць гадоў працаваў лесніком і ведаў усе патаемныя мясціны ў лесе і на балотах, разлічаў галасы птушак і звяроў, ведаў іх звычкі, мог чытаць сляды.

Неяк два гады назад іван прынёс з лесу маленькае ваўчаня. У той дзень Паліна паехала з дзесяцігадовым сынам Міколкай у горад да доктара, а івану, якому патрэбна было дапалоць дзялянку маладых сасёнак, прыйшлося ўзяць з сабой у лес шасцігадовую Сашку. Спачатку дзяўчынка дапамагала бацьку вырываць пустазелле, але хутка гэты занятак ёй надакучыў. І яна накіравалася на ўзлесак, дзе расло многа грыбоў.

Памятаючы наказ бацькі, Сашка старалася не адыходзіць далёка, але ж грыбы вялі ўсё далей і далей, і хутка яна апынулася ля сцяны хмызняка на краю балота. Дзяўчынка збіралася ўжо павярнуць назад, калі пачула ўперадзе ціхае, жаласлівае скавытанне. Кінуўшы кошык з грыбамі, Сашка кінулася з усіх ног да бацькі.

-Папачка, там сабачка ў хмызняку плача, - крычала яна здалёк, - ідзі сюды, пакажу.

Іван кінуў працу і пайшоў за дачкой. Зазірнуўшы ў хмызняк, ляснік убачыў мёртвую ваўчыцу. Прытуліўшыся да адзеравянелага цела маці, побач ляжала маленькае ваўчанятка Адчувалася, што ад голаду яно зусім саслабела. На першы погляд яму было месяцы два-тры. На правым вушцы віднелася запечаная кроў ад шраціны.

- Ты не бойся, звярынка, мы цябе не пакрыўдзім,- ціха, каб не напалохаць малыша яшчэ больш, шаптаў іван, працягваючы да яго рукі,- што ж нам цяпер з табой рабіць. Мамка ж мёртвая.

Напярэдадні іван удзельнічаў у аблаве на ваўкоў. За час вайны іх столькі распладзілася ў леск, што вечарамі людзі стараліся не выхадзіць з двароў. Калі ж ваўкі задралі некалькі кароў з калгаснага статка, раённае кіраўніцтва прыслала нарэшце ў вёску нарад міліцыі. Да іх далучыліся сяляне з віламі і рагацінамі. Два дні ў ваколіцах гучалі стрэлы. Пэўна тады і падранілі ваўчыцу, а яна, сыходзячы крывёю, адвяла дзіцяня далей ад людзей у балота, дзе сілы і пакінулі яе. І вось зараз ваўчаня глядзела на чалавека напалоханымі вачанятамі і дрыжала ўсім сваім маленькім цельцам.

- Што ж з табой рабіць, як быць, не кідаць жа цябе тут. Прападзеш. Развагі івана прыпыніла Сашка. Яна выхапіла з рук бацькі малыша і прытуліла да грудзей.

- Папачка, давай возьмем сабачку дадому, я буду яго даглядаць, карміць,- чуць не плачучы прасіла дзяўчынка.

- Узяць можна, дачушка, ды толькі гэта не сабачка, а ваўчанятка, а калі вырасце, то стане вялізным і страшным ваўком. Нельга яму да нас,-стараўся пераканаць Сашку бацька, але тая нічога слухаць не хацела і ўжо хутала малыша ў сваю хустку, а той, паймаўшы палец дзяўчынкі, з прагнасцю смактаў яго, нібы грудзі маці.

Ляснік ніколі не мог прайсці міма чужой бяды. За гады лясніцтва ў доме выходжвалі лісёнка, бусла, розных маленькіх птушак і нават рысь.

Добра, дачушка, давай возьмем яго з сабоё, а то і сапраўды прападзе,-з гэтымі словамі

Іван паклаў ваўчаня ў кошык,-пойдзем дадому, а то хутка сцямнее.

Дома Паліна нічога не сказала мужу, бо ведала, што таго не перайначыш. А тым часам ваўчаня са смакам вылізвала апошнія кропелькі малака, якое Сашка наліла яму ў старую міску. Дзеці з замілаваннем назіралі за малышом.

-Трэба яму імя даць, - прапанаваў Міколка, - трэба ж яго неяк клікаць.

- Шарык, гэта будзе мой Шарык, гэта я яго знайшла. З гэтымі словамі дзяўчынка падняла ваўчаня на рукі і так прыціснула да грудзей, што тое жаласліва заскавытала.

- Ты зараз яго задушыш,- закрычаў брат, вырываючы малыша з рук Сашкі, -аддай яго мне. Паміж дзяцьмі пачалася валтузня. Убачыўшы гэта, бацька разняў дзяцей і, узяўшы на рукі ваўчаня, пачаў яго разглядаць.

- Дык гэта ж дзяўчынка, і імя ёй трэба даць дзявочае. Яе трэба назваць…. Дагаварыць івану не дала Сашка.

- Мушка, тады гэта будзе мая Мушка, - захлопала ў далоні дзяўчынка і, узяўшы ваўчаня з рук бацькі, пачала цалаваць яго ў мокры халодны носік.

Мушку пасялілі за печкай. Ёй зрабілі пасцельку ў глыбокай скрынцы. Тут ёй было цёпла і ўтульна. Побач на печы спалі Міколка і Сашка.

У хаце івана быў толькі адзін вялікі пакой, дзе можна было жыць, а другая палова дома толькі будавалася, бо ў гады вайны за сувязь з партызанамі немцы спалілі амаль усе пабудовы вёскі. Для трох старэйшых дзяцей і для сябе з Палінай іван змайстраваў ложкі, а малодшыя юціліся на печцы. Зараз у цеснай хаце прыбавіўся яшчэ адзін жылец. Днём Мушка бегала па пакоі, гуляла з Сашкай ці драмала ціхенька дзе-небудзь ў вугалку, а ноччу сапела ў сваёй пасцельцы. Вечарамі ўпотай ад маці дзеці бралі да сябе і доўга ласкава гладзілі малышку, пакуль тая не пачынала засыпаць, а потым укладвалі яе ў скрынку.

Прайшло каля месяца. Вуха ў Мушкі загаілася, але след ад раны так і застаўся. Яна паправілася, падрасла. З цягам часу характар маленькай ваўчыцы пачаў мяняцца: іншы раз на ласкі дзяцей яна адказвала глухім бурчаннем, насцярожана рэагавала на асобныя гукі за акном, пачала пазбягаць дарослых. Калі івану ўдавалася падстраліць якую-небудзь дзічыну, у Мушкі было свята. Назіраючы, як ваўчыца рве рэшткі зайца ці глушца, ён разумеў, што расце звер і трэба штосьці рабіць, бо трымаць яго ў хаце хутка будзе боязна.

Ды і Паліна ўвесь час піліла, каб ён збаўляўся ад ваўчаняці. У апошні час яна вымушана была рыхтаваць страву для Мушкі дадаткова, бо ежы, якая заставалася пасля

Сям і, той ужо не хапала.

З усіх у доме Мушка выдзяляла цяпер толькі Сашку: хадзіла за ёй хвосцікам, часта клала на калені лабастую галоўку і дазваляла чухаць за вушамі, расчэсваць шэрсць, лізала рукі, а іншы раз і шчокі,, і носік дзяўчынкі, выконвала ролю жывой лялькі ў яе гульнях.

Іван не ведаў, як сказаць дачцы, што ў хуткім часе ёй прыйдзецца расстацца з Мушкай.

Каля месяца назад, абыходзячы лясныя дзялянкі, ён наткнуўся на месца знаходжання лежбішча воўчай зграі і зараз абдумваў, як зрабіць, каб яна прыняла маладую ваўчыцу.

У адзін з цёплых красавіцкіх дней, на золку, употай ад дзяцей ляснік аднёс Мушку ў лес і пакінуў на звярынай сцяжынцы. Заскавытаўшы, звераня накіравалася ў глыбіню леса. Затаіўшыся ў хмызняку, іван з непакоем чакаў, што будзе далей. Нарэшце здалёк пачулася ціхае паскугольванне: зграя прыняла маладую ваўчыцу ў сваю сям ю.

Дома івана чакала заплаканая Сашка. Яна і слухаць не хацела, што з родзічамі Мушцы будзе лепш, бо там яе дом. Цяпер Міколка вымушаны быў хадзіць за сястрой па пятах, бо тая ўвесь час рвалася ў лес на пошукі сваёй любіміцы.

У наступныя вясну і лета пастухі расказвалі, што бачылі маладога ваўка з падраным вухам. Ён выходзіў з лесу і доўга назіраў за людзмі, не звяртаючы ўвагі на брэх сабак, а потым хаваўся ў хмызняку.

Успаміны двухгадовай даўнасці маланкай праляцелі ў галаве Паліны. Воўк жа сядзеў на сцежцы і ніяк не рэагаваў на прысутнасць людзей.

- Што ж рабіць,- разважала жанчына, - павярнуць назад і пайсці? А раптам ён кінецца наўздагон! Тады і Сашка не ўратуецца. Думкі Паліны прыпыніў трэск у хмызняку, а потым на сцежку выйшла ваўчыца. За ёй, куляючыся, амаль выкаціліся двое ваўчанят.

Ваўчыца спынілася і пачала прынюхвацца. Раптам яна падняла галаву і ціхенька заскуголіла. Увесь гэты час Сашка глядзела ў вочы ваўчыцы, а потым зрабіла крок уперад.

- Мушка, мая Мушачка, я ведала, што ты мяне знойдзеш Я так па табе сумавала,- плакала дзяўчынка, набліжаючыся да звера.

- Ну вось і ўсё, - з жахам падумала Паліна,- нас цяпер ужо нішто не выратуе. Жанчына крэпка заплюшчыла вочы, каб не бачыць таго, што здарыцца ў наступную хвіліну. А тым часам Сашка палажыла далоні на лабастую галаву ваўчыцы і ціха плакала. Нібы ўспамінаючы ласкі дзяцінства, Мушка, а гэта была сапраўды яна, уткнулася ў калені дзяўчынкі. Так працягвалася некалькі хвілін. Навокал стаяла цішыня, і Паліна адкрала вочы. Цяпер і яна разгледзела, што гэта сапраўды была Мушка.

Раптам воўк, які да гэтага часу спакойна сядзеў непадалёку, падняўся і зрабіў некалькі крокаў у бок Мушкі і дзяўчынкі. У гэты ж час раздаўся піск ваўчанят. Мушка ўстрапянулася і павярнула галаву ў бок дзяцей. Яна так рыкнула на ваўка, што той саступіў са сцяжынкі і накіраваўся ў бок хмызняка.

- Пойдзем, мамачка. Мушка дазваляе, - тузанула дачка Паліну і пайшла ўперад. Жанчына ішла за ёй, нібы ў сне, стараючыся не глядзець ў бок ваўкоў.

Праз некаторы час, яшчэ не веручы ў сваё выратаванне, Паліна азірнулася назад. Ваўчыца сядзела на сцяжынцы і глядзела ўслед людзям. Побач капашыліся маленькія ваўчаняткі.

Ужо на выхадзе з лесу Паліну і Сашку нагнаў голас Мушкі. Спачатку пачулася ціхае «у-у-у-у». Было такое адчуванне, быццам у кронах дрэў заблытаўся і ў адчаі гудзіць вецер. Гук мацнеў, наліваўся сілай і перайшоў у густое і цягучае завыванне. Яно працягвалася некалькі хвілін, а потым над лесам паляцела працяглае, сумнае «у-у-у-о-о».

- Мамачка, гэта Мушка развітваецца з намі,- заплакала дзяўчынка, - я люблю цябе, мая Мушачка. Ты самы лепшы воўк у свеце,-крычала дзяўчынка, глытаючы слёзы. Паліна таксама ледзь не плакала, але трымалася, бо трэба было супакойваць дачку, ды і да вёскі яшчэ было далекавата, а ноч ужо кацілася па палях, адваёўваючы кожную часцінку святла.

Дома Сашка расказала пра сустрэчу на балоце. Выслухаўшы расказ дачкі, іван ціха прамовіў: «Вось бачыце, дзеці, нават ваўкі да вас па-людску, калі вы да іх па-чалавечаму. Усякая разумная звяруга дабро памятае. Вось толькі чалавек…. Ён не закончыў думку і замаўчаў.

Ужо дарослай, успамінаючы гэты выпадак, Сашка даведалася ад маці, што хацеў сказаць, але не сказаў іван. Незадога да вайны ён выратаваў ад ваўкоў жыхара суседняй вёскі Захара Хадакевіча. Тады ён разагнаў зграю выстралам з паляўнічай стрэльбы, якую яму выдалі, як лесніку, у раёне. У гады вайны, стаўшы паліцаем, Захар кінуў івана ў багністым балоце паміраць, прастрэліўшы яму ногі. Толькі цудам бацька тады застаўся ў жывых.

Але гэта ўжо іншая гісторыя.