Крэматорый дыміў і дыміў,
І паветра прапахла крывёю.
Адляталі душа за душой
І кружылі над грэшнай зямлёю.
Нібы свечкі, гарэлі дамы,
Задыхаліся ў полымі людзі.
Жах страшэнны і горкі адчай:
Разуменне-ратунку не будзе.
Сэрцы рваў аўтаматаў разгул,
А ля шыбеніц правілі каты.
То гулялі пачвары, звяр"ё,
Вурдалакі, захопнік пракляты.
Толькі ж воля такая была:
Яе вешалі, білі, палілі,
Заганялі жыў"ём пад зямлю,
Спрабавалі зламіць. Не зламілі!
Адстаялі радзіму сваю
І дамы на зямлі збудавалі,
Ды палеглых вярнуць не змаглі,
Яны нашай святыняю сталі.
Адыходзіць вайна ў нябыт
Тых гадоў і далёкіх, і блізкіх,
Ды стаяць на магілах крыжы,
А на месцах баёў-абеліскі.
І не рве ўжо боль і адчай,
І нянавісць збалелыя грудзі.
Толькі памяць, сумлення набат,
Той пякельны кашмар не забудзе.