Вершы па беларускі

Трымціць на холадзе рабіна

Трымціць на холадзе рабіна,

Дрыжыць заледзянелы клён.

То восень трон свой пакідае,

Зіме здаецца ў палон.

За вокнамі бяснуе вецер,

Туман крадзецца на абшар,

І ўжо каторы дзень на тыдні

Не бачна сонейка з-за хмар.

Няма чароўных летуценняў

І казак залатой пары,

Бо восень позняя, як старасць,

Даўно таўчэцца на двары.

Па шыбах мутных дождж струменіць,

Цяпельцам пыхкае камін,

Такой парой незапрашальным

Прыходзіш ты, мой успамін.