Лісцёвая замяць ў лесе асеннім,
Самотная музыка — шум баравы.
Лісточкі бярозы нібы самародкі
Жаўцеюць сярод парыжэлай травы.
Ігліцаю пахне сасняк малалетні,
Трасецца асіна і штосьць шапаціць.
Чарговы лісток, адарваўшыся з дрэва,
Да родных братоў на сцяжынку ляціць.
На нізкіх кустах — павуцінак пляценне,
Заціх муравейнік-нязвыклы спакой.
Павольна знікаюць зялёныя фарбы
Пад восеньскай шчодрай, няўмольнай рукой.
Змянілася сонейка дожджыкам нудным,
Па жухлай траве і па дрэвах сячэ.
Нібы развітальнымі слёзкамі лета
За кропляю кропля цячэ і цячэ.
Падстаўлю далоні — дажджынак нап"юся,
Апаліць мне вусны гаркавы палын.
Самотная музыка. Восень расстання…
Гадоў адляцелых сівы ўспамін.