Васільковы мой край,
Луг рамонкаў бялявых,
Край дубраў векапомных,
Вербалоз над ракой,
Клёкат буслаў на стрэхах,
Жаўруковыя спевы,
Ты ў сэрцы маім,
Я заўсёды з табой.
Вось і зноў я іду
Роснай вузкай сцяжынкай,
Хмеліць водар духмяны,
Жыта б’е мне чалом,
Я шукаю сляды
Сваіх год басаногіх,
Што пакінула тут,
У кутку, за сялом.
Тут калісьці матуля
Жніво запявала,
І надосвітку бацька
Ішоў на пакос,
Тут дзяцьмі мы ў полі
Забавы чынілі,
Нас хаваў ад дарослы
Вусаты авёс.
Сэрца шчэміць пяшчотай
І згадкі кранаюць,
Тут маленства прайшло
Беыстурботнай хадой,
Крочу роснай сцяжынкай,
Успаміны шукаю,
Дзякуй лёсу за гэта
Спатканне з табой.